top of page

Збор намінацый на Прэмію Кангрэса – 2026

  • 2 days ago
  • 1 min read

Пачынаецца праца экспертных камісій па вызначэнні лепшых публікацый 2025 года. Задача экспертаў  – адзначыць  дасягненні ў сацыяльных, палітычных і гуманітарных навуках, а таксама спрыяць іх папулярызацыі.

 

Запрашаем даследчыкаў і ўсіх зацікаўленых дасылаць свае меркаванні і зрабіць свой унёсак у вызначэнне  дасягненняў беларускай навукі.

 

Прапановы можна падаць на адрас premija@palityka.org да 30 чэрвеня 2026 года.

 

Урачыстае аб’яўленне лепшых публікацый адбудзецца 25 лістапада 2026 года ў Варшаве.

 

Па вынікам працы камісій будуць вызначаны па тры найлепшыя публікацыі па наступных накірунках:

– Гісторыя (манаграфіі, артыкулы);

– Гуманітарныя навукі (манаграфіі, артыкулы);

– Сацыяльна-палітычныя навукі (манаграфіі, артыкулы).

 

Да разгляду таксама прымаюцца працы апублікаваныя ў 2024 годзе, якія раней не вылучаліся на конкурс.

 

У дадатак ў 2026 годзе плануецца   вызначыць   найлепшыя нямецкамоўныя манаграфіі на беларускую тэматыку апублікаваная за апошняе дзесяцігоддзе – у 2017-2025 гадах. 

 

Ганаровыя прэміі за іншамоўныя манаграфіі надаюцца замежным даследчыкам, якія не звязаныя ні паходжаннем, ні акадэмічнай кар’ерай з Беларуссю.

 

У Германіі існуе сталая акадэмічная зацікаўленасць беларускай праблематыкай, што выяўляецца ў правядзенні рэгулярных даследаванняў, тэматычных семінараў і канферэнцый, стыпендыяльных праграмаў, перакладаў. Вызначэнне лепшых нямецкамоўных манаграфій мусіць падтрымаць і пашырыць ужо наладжаныя акадэмічныя сувязі, паспрыяць лепшаму веданню найноўшых даследаванняў і распрацовак на беларускую праблематыку ў Германіі.

 

Сёлета будзе нададзена другая ў гісторыі Кангрэса прэмія для нямецкіх даследчыкаў. У 2017 годзе лепшай нямецкамоўнай манаграфіяй было прызнана крытычнае выданне “Беларускай граматыкі” Антона Луцкевіча, якое ажыццявіў прафесар Венскага ўніверсітэта Герман Бідэр.

 

Просьба дасылаць намінацыі на адрас: premija@palityka.org да 30 чэрвеня  2026 года.

 
 
ІВКЛ
bottom of page