25 лістапада ў Варшаве абвесцяць лаўрэатаў Прэміі Кангрэса – 2026

25 лістапада 2026 года ў Варшаўскім універсітэце адбудзецца падсумаванне вынікаў Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшыя навуковыя публікацыі 2025 года. Падчас мерапрыемства будуць абвешчаныя працы, якія экспертныя рады Прэміі прызналі найлепшымі ў сваіх навуковых дысцыплінах.
Прэмія Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ўручаецца з 2013 года і з'яўляецца важнай формай прызнання дасягненняў даследчыкаў Беларусі ў сацыяльных і гуманітарных навуках. Яе мэта — адзначаць найбольш значныя навуковыя публікацыі, заахвочваць даследчую дзейнасць і спрыяць павышэнню якасці навуковых даследаванняў.
Сёлета будуць абвешчаныя лаўрэаты ў наступных намінацыях:
· Гісторыя — найлепшыя манаграфіі і навуковыя артыкулы;
· Гуманітарныя навукі — найлепшыя манаграфіі і навуковыя артыкулы;
· Нямецкамоўныя манаграфіі на беларускую тэматыку, апублікаваныя ў 2017–2025 гадах.
Асобнай падзеяй стане падсумаванне вынікаў ганаровай Прэміі за лепшую нямецкамоўную манаграфію на беларускую тэматыку. Гэтая намінацыя ўпершыню была заснаваная ў 2017 годзе з мэтай адзначыць дасягненні замежных даследчыкаў і спрыяць развіццю міжнароднага навуковага супрацоўніцтва ў галіне беларусазнаўства.
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі — адна з ключавых міжнародных акадэмічных пляцовак, прысвечаных даследаванню Беларусі. Кангрэс быў заснаваны ў 2010 годзе па ініцыятыве беларускіх і літоўскіх навуковых і грамадскіх арганізацый, а яго першае пасяджэнне адбылося ў 2011 годзе ў Коўне (Літва).
Кангрэс аб'ядноўвае беларускіх і замежных навукоўцаў, экспертаў і аналітыкаў, якія даследуюць гісторыю, палітыку, грамадства і культуру Беларусі. Яго галоўныя задачы — развіццё міжнароднай даследчыцкай супольнасці, падтрымка акадэмічнага супрацоўніцтва і пашырэнне ведаў пра Беларусь у міжнародным навуковым і грамадскім асяроддзі.
Час і месца правядзення
Дата: 25 лістапада 2026 года
Час: 18:00 (па варшаўскім часе)
Месца: Варшаўскі ўніверсітэт, будынак факультэта прыкладной лінгвістыкі (Wydział Lingwistyki Stosowanej), вул. Добрая, 55 (ul. Dobra 55), Варшава, зала 2.118.
Для тых, хто не зможа прысутнічаць асабіста, будзе даступная анлайн-трансляцыя праз Google Meet: https://meet.google.com/adv-nqts-peo
Нагадаем, што наступны, XIII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, запланаваны на 23–25 верасня 2027 года і адбудзецца на базе Варшаўскага ўніверсітэта.


